БЕЗУМО́ЎНЫЯ РЭФЛЕ́КСЫ,

адносна пастаянныя, стэрэатыпныя, генетычна замацаваныя рэакцыі арганізма на ўнутр. і вонкавыя раздражняльнікі (стымулы), якія рэгулююцца ц. н. с. Падзяляюць на харчовыя, палавыя, абарончыя, арыенціровачныя і інш. У асобную групу прыроджаных стэрэатыпных складанарэфлекторных актаў вылучаюць інстынкты. Тэрмін «безумоўныя рэфлексы» ўвёў рус. вучоны І.​П.​Паўлаў для абазначэння рэфлексаў, якія аўтаматычна ўзнікаюць пры ўздзеянні раздражняльнікаў на рэцэптары (выдзяленне сліны пры пападанні ежы ў рот, адхапленне рукі пры ўколе пальца і інш.). Узбуджэнне ад рэцэптара перадаецца эфектару па рэфлекторнай дузе. Безумоўныя рэфлексы мяняюцца на працягу філагенезу і антагенезу, залежаць ад уздзеяння на іх інш. рэфлексаў, стану ц. н. с., эндакрыннай сістэмы і інш. фактараў (напр., смактальны рэфлекс у нованароджаных з узростам страчваецца). Пры выспяванні арганізма з’яўляюцца новыя безумоўныя рэфлексы, напрыклад палавыя. У дарослых жывёл «чыстыя» безумоўныя рэфлексы «абрастаюць» умоўнымі рэфлексамі.

т. 2, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)